ПРАЕКТЫ́ЎНЫХ АПЕРА́ТАРАЎ МЕ́ТАД у тэорыі элементарных часціц,
агульны метад рашэння рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, запісаных у матрычнай форме. Рашэнні атрымліваюцца ў выглядзе праектыўных матрыц-дыяд, якія апісваюць усе магчымыя фіз. станы свабоднай элементарнай часціцы з дазволенымі значэннямі чатырохвектара энергіі-імпульсу і праекцый спіна. Распрацаваны Ф.І.Фёдаравым (1958) на аснове ўласцівасцей мінім. паліномаў для асн. матрыц ураўненняў і аператараў праекцый спіна часціц. Дазваляе ў агульным выглядзе рашаць задачы квантавай механікі на ўласныя значэнні і ўласныя (хвалевыя) функцыі матрычных аператараў для 2 фіз. велічынь, якія могуць вымярацца адначасова. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац. АН на падставе выкарыстання П.а.м. развіта каварыянтная фармулёўка тэорыі элементарных часціц і распрацаваны эфектыўныя метады разліку працэсаў іх узаемадзеяння.
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мп.,1968.
А.А.Богуш.
т. 12, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)